Акула на амерыканскіх горках

Кастусь Заўрэвіч

Сёння мы адыдзем ад дыназаўраў і завітаем у бліжэйшую да нас эпоху, каб пазнаёміцца з адной таямнічай акулай, якая дасюль не дае спакою навукоўцам, галівудскім рэжысёрам, стваральнікам шматлікіх дакументальных стужак і аматарам тэорыяў змоваў ды крыптазаалогіі. У апошніх наш герой выклікае асаблівы энтузіязм і пяшчоту, што не дзіўна, бо ідзецца пра самую вялікую драпежную рыбіну ў гісторыі, якая вымерла адносна нядаўна. Ці, як мяркуюць крыптазаолагі, дасюль існуе.

Вокладка Акула на амерыканскіх горках

Вось жа сёння мы пазнаёмімся з мегаладонам. Я не буду адразу, як прынята, пісаць у дужках ягонага назову на лаціне, бо з гэтым ёсць пэўныя нюансы, пра якія гаворка пойдзе далей. Мегаладон – цэлая скарбонка міфаў. Калі іх звесці ў нешта адзінае, то будзе прыкладна так: гэта была 25–30-метровая акула, вельмі падобная да сучаснай вялікай белай акулы (Carcharodon carcharias), актыўна харчавалася гігантамі-кітамі і, магчыма, дасюль не вымерла: вы можаце знайсці тысячы ролікаў з «доказамі», калі ўведзяце ў пошук «мегаладон жывы». Але давайце адыдзем ад міфаў, бо рэчаіснасць значна цікавейшая.

Асноўная цяжкасць у вывучэнні мегаладона – ад самых акулаў мала што засталося: рыбіны гэта былі храстковыя, і праз мільёны гадоў да нас дайшлі ў асноўным іхныя зубы, нязначная колькасць асобных звонкаў (або пазванкоў) і два няпоўныя хрыбетнікі. Але зубоў захавалася столькі, што іх стае не толькі на музейныя фонды, але і на папаўненне лотаў на eBay, дзе іх можна набыць ад ста долараў.

Першая выява мегаладона

Першая выява мегаладона

Аўтар – Nicolas Steno

Krynica:www.wikipedia.org

З зубоў і пачалося знаёмства чалавецтва з мегаладонам. Ягоныя зубы ўвесь час трапляліся людзям, але тыя ўспрымалі іх за так званыя ґлёсапэтры (glossopetra) – каменныя языкі цмокаў і змеяў. Толькі ў 1667 годзе дацкі анатам Нікалас Стэна (Nicolas Steno) упершыню выказаў здагадку, што зубы належаць вымерлым акулам, і нават зрабіў спробу намаляваць выяву галавы рыбіны.

У 1835 годзе мегаладон атрымаў імя. Жан-Люі Радольф Аґасі (Jean Louis Rodolphe Agassiz), швейцарска-амерыканскі навуковец, звярнуў увагу на падабенства зубоў белай акулы і мегаладона ды залучыў апошняга да роду кархарадонаў (Carcharodon). У выніку акула стала звацца Carcharodon megalodon. Гэтак мегаладона запісалі ў стрыечныя браты да белай акулы, і з таго часу наш герой стаў адлюстроўвацца як павялічаная ў памерах белая акула.

Менавіта ад падабенства з вялікай белай акулай адштурхоўваўся Бэшфард Дын (Bashfod Dean), калі ў 1909-м зрабіў першую рэканструкцыю мегаладона, ці, дакладней, ягоных сківіцаў. Атрымалася сапраўды салідна: сківіцы акулы дасягнулі ўвышкі трох метраў. У роце такой пачвары магло змясціцца 12 мужчынаў ці невялікі аўтамабіль. Даўжыня ж мелася складаць крыху больш за 30 метраў, то бок драпежная рыбіна магла быць такога ж памеру, як і сіні кіт.

Ілюстрацыя памеру сківіцы мегаладона

Гэтая спроба рэканструкцыі запусціла шматлікія спробы навукоўцаў вызначыць памер мегаладона, што скакаў туды-сюды з вялікай амплітудай. Гэта можна параўнаць з катаннем на амерыканскіх горках, дзе вазок уздымаецца, рэзка ляціць уніз і потым ізноў уверх:

  1. 1973 год. Мегаладона паменшылі да 13 метраў.
  2. 1992 год. Памер павялічваецца да 25 метраў.
  3. 1996 год. Змяншаецца да 17 метраў.
  4. 2003 год. Мегаладона скарачаюць да 15 метраў.
  5. 2012 год. Памеры падрастаюць да 17 метраў.

Усе вымярэнні рабіліся на падставе памераў зубоў шляхам экстрапаляцыі ад вялікай белай акулы. Розныя вынікі атрымоўваліся дзякуючы рознаму размяшчэнню зубоў, разліку іх колькасці і атрыманню новых асобнікаў. Але ў 2012 годзе высветлілася, што мегаладон не мае ніякіх сваяцкіх сувязяў з вялікай белай акулай. Навукоўцы больш уважліва прыглядзеліся да канструкцыі зубоў: аказалася, што больш блізкія да групы вымерлых акулаў – з роду Otodus, а сам мегаладон быў перайменаваны ў Otodus Megalodon. Падабенства ж зубоў з зубамі вялікай белай акулы тлумачыцца выключна канвергенцыяй. Калі прасцей, то розныя віды, калі займаюць адну экалагічную нішу і выкарыстоўваюць падобныя стратэгіі, набываюць падобныя рысы. Тое ж адбылося і з мегаладонам ды вялікай белай акулай. Калі 2 віды палююць на буйных марскіх сысуноў, то і зубы ў іх з падобнай функцыяй і выглядам. Але гэта было адзінае, у чым дзве акулы былі блізкія. Мегаладон быў больш стромкі і меў выцягнутую форму, нагадваў хутчэй сучасную пясчаную акулу.

Што ж датычыць памеру, то навукоўцы падышлі да гэтага пытання з іншага боку. Які памер мегаладона магла вытрымаць ягоная прымітыўная дыхальная сістэма? Разлікі прывялі да высновы, што максімальна магчымы памер рыбіны абмяжоўваецца 18 метрамі. Жывёліна большага памеру проста не магла б забяспечыць сябе дастатковаю колькасцю кіслароду ды задыхнулася б. Такія абмежаванні ўздымаюць пытанні і пра лад жыцця акулы. Ці мог мегаладон быць актыўным драпежнікам? У канцы мінулага дзесяцігоддзя навукоўцы пачалі ўсё больш у гэтым сумнявацца з улікам абмежавання ў дыхальнай сістэмы, што рабіла рыбіну досыць павольнаю. Па-другое, адсутнасць слядоў гаення на костках ахвяраў мегаладона. То бок слядоў зубоў на костках вымерлых кітоў дастаткова, але не знайшлі ніводнага, які б ацалеў па атацы драпежніка. А гэта азначае два магчымыя варыянты: ці мегаладон быў звышэфектыўны, ці ён увогуле не паляваў, а быў трупаедам і харчаваўся выключна мёртвымі кітамі. Навукоўцы пачалі схіляцца да апошняга, і погляд на акулу-трупаеда праіснаваў каля пяці гадоў, але ў 2021-м адбыўся чарговы ўздым на амерыканскіх горках – і мегаладона вярнулі ў шэрагі актыўных драпежнікаў. Навукоўцы вынайшлі сродак вызначыць лад жыцця жывёліны праз суадносіны азоту-14 і яго ізатопу – азоту-15. І чым вышэйшая доля азоту-15, тым больш актыўным драпежнікам ёсць істота. Была зробленая выбарка з прыблізна 20 тысячаў зубоў сысуноў і 5 тысяч акулаў. У выніку мегаладоны ды іхныя сваякі з роду Otodus апынуліся ў лідарах і пераўзышлі ў драпежнасці нават сучасных касатак. А ў 2022 годзе навукоўцы на падставе зубоў, пазванкоў і экстрапаляцыяў ад іншых Otodus, стварылі 3D-мадэль мегаладона. Паводле разлікаў навукоўцаў, мегаладон мог дасягаць 16 метраў пры масе 60 тонаў, спажываў штодзень 98 тысяч калорыяў, а ягоны страўнік меў аб’ём 9 тысячаў літраў. Памеры рота дазвалялі мегаладону з’ядаць сваю звычайную здабычу – прымітыўных міяцэнавых кітоў даўжынёю 8 метраў (памеры сучаснай касаткі) – за 5 укусаў. Ну, і каб завершыць з мегаладонам – актыўным драпежнікам, у 2023 годзе навукоўцы Каліфарнійскага ўніверсітэту на падставе даследавання ізатопаў у зубах мегаладона падлічылі: тэмпература ягонага цела на 7 градусаў перавышала тэмпературу асяроддзя, а значыць, яго можна лічыць цеплакроўнай істотай, у адрозненне ад сучасных акулаў, якія цалкам халоднакроўныя. Цеплакроўнасць мегаладон набываў дзякуючы памерам, актыўнай працы цягліцаў, што прыводзіць нас да хуткага метабалізму і высокай патрэбы ў калорыях.

Ілюстрацыя мегаладона

Што мы маем у выніку? Мегаладон з’явіўся ў пачатку міяцэну каля 23 мільёнаў гадоў таму. Гэта былі часіны цёплага клімату, каля ўзбярэжжаў былі добра прагрэтыя дробныя шэльфавыя моры, багатыя на кісларод і з вялікаю колькасцю планктону. Гэта стварала кармавую базу для прымітыўных вусатых кітоў і кашалотаў, значна драбнейшых за сучасных кітоў (8–10 метраў). Кіты былі вельмі распаўсюджаныя, яны сабою падтрымлівалі вялікую папуляцыю мегаладонаў, што актыўна тымі харчаваліся. Тактыка палявання выглядала гэтак: мегаладон тараніў кіта з засады, выкарыстоўваючы вялікую масу, каб аглушыць і знерухоміць ахвяру. Мы знаходзім зламаныя косткі – гэта наступства страшэнных удараў. Толькі пасля таго як ахвяра страчвала здольнасць уцячы, мегаладон пачынаў яе есці.

Мегаладон паспяхова існаваў на працягу амаль 20 мільёнаў гадоў і быў адною з самых распаўсюджаных акулаў свайго часу. Але пасля пачаў змяняцца клімат: халадае, на паўночных і паўднёвых шыротах растуць ледавікі. Адпаведна падае ўзровень акіяну, утварыўся Панамскі перашыек, што моцна паўплываў на кірункі акіянскіх плыняў. У шэльфавых морах падае ўзровень кіслароду і знікае планктон. Кіты сталі адыходзіць у халодныя воды за сваёй кармавою базаю. Да таго ж у маладых мегаладонаў з’явіліся канкурэнты ў выглядзе вялікіх белых акулаў і касатак. Усё гэта прывяло да таго, што мегаладон пачаў памяншацца, а 3,6 мільёна гадоў таму ўвогуле вымер.

Што датычыць крыптазаалогіі і тэорыі, што мегаладон нібы дасюль існуе, то тут можна сказаць адно: цяперашнія ўмовы ў акіянах ніяк не адпавядаюць патрэбам мегаладонаў. Захалодна, мала кіслароду і няма здабычы, на якую ён мог бы паляваць.

Крыніцы:

  1. Pimiento, C.; Balk, M. A. (2015). «Body-size trends of the extinct giant shark Carcharocles megalodon: a deep-time perspective on marine apex predators». Paleobiology. 41: 479–490
  2. Cooper, J.A.; Hutchinson, J.R.; Bernvi, D.C.; Cliff, G.; Wilson, R.P.; Dicken, M.L.; Menzel, J.; Wroe, S.; Pirlo, J.; Pimiento, C. (2022). «The extinct shark Otodus megalodon was a transoceanic superpredator: Inferences from 3D modeling». Science Advances.
  3. Perez, Victor; Leder, Ronny; Badaut, Teddy (2021). «Body length estimation of Neogene macrophagous lamniform sharks (Carcharodon and Otodus) derived from associated fossil dentitions». Palaeontologia Electronica. 24: 1–28.